Адзін чалавек, які, мяркую, пажадаў бы застацца невядомым, даслаў мне прыватным паведамленьнем тэкст, зьвязаны з
папярэднім допісам, наступнага зьместу:
"Выдатна разумею, хлопча, што ў цябе вельмі гарачае сэрца й сапраўды шчырае жаданьне лепшай долі для нашай Беларусі. Але-ж дзе твой розум? Няўжо ты зусім ня ў стане адрозьніць праўду ад хлусьні, добрае ад злога, справядлівае ад злобнага? Як, напярэдадні вялікага сьвята, можна вось так, не падумаўшы ані, піярыць у сваім блогу мярзотныя допісы хворага на голаў чалавека? Разумныя людзі, а такіх тут, на шчасьце, большасьць, канешне, пачытаўшы, ва ўсім разьбяруцца і ўсё зразумеюць. Але табе, мой сябра, павінна быць сорамна за такі ганебны ўчынак. ГАНЬБА! І ад мяне асабіста, ГАНЬБА! Адказваць мне ня трэба. Нічога тлумачыць таксама. Проста напішы пра сьвята ў сваім блогу. Праўду. Сам. Шчыра. З павагаю, ..." Не магу не выканаць тваю просьбу. Бо, як я гляджу, тэма Другой Сусьветнай вайны ў нас настолькі балючая, што любое адхіленьне ад агульнапрынятых пастулатаў выклікае рэакцыю, якую можна параўнаць з закідваньнем камянямі так званых вядзьмарак у Сярэднявечча.
Хочаце праўды? Хочаце даведацца пра маё асабістае стаўленьне да 9 траўня? Ну глядзіце.
Для мяне 9 траўня - дзень Памяці тых, хто змагаўся за свабоду нашай Бацькаўшчыны пад час той вайны. Для мяне не істотна, былі гэта байцы Чырвонай арміі, за чыімі сьпінамі стаялі кулямёты заградатрадаў, чырвоныя партызаны ці партызаны, якія былі супраць усіх, але за незалежнасьць Беларусі.
Я лічу савецкую ўладу ўладай акупацыйнай, такой жа акупацыйнай, як і нямецкую. Адзінае адрозьненьне іх у тым, што Гітлер плянаваў зьнішчыць народы на захопленых землях, а Сталін дараваў ім якое-кольвек жыцьцё. Абірая паміж зьнішчэньнем і жыцьцём я безумоўна абіраю апошняе.
Я ведаю, што да сёньняшняга дня нам не сказалі й пра палову ад усіх тых фактаў, якія мелі месца ў 40-50-х гадах.
Таму я не лічу неабходным вешаць на адных ярлыкі здраднікаў, а на іншых герояў.Я шаную й паважаю ўсіх тых, хто змагаўся не за Сталіна, не за Гітлера, не за Саветы й не за камунізм, а за Бацькаўшчыну сваю, за народ свой і за нашчадкаў сваіх. І для мяне ня мае розьніцы, на чыім баку яны былі. Гэтых поглядаў я буду прытрымлівацца да таго моманту, пакуль ня будзе адчынена апошняя сатронка з гісторыі Другой Сусьветнай вайны.
Мае дзяды змагаліся найперш за сваю зямлю й загінулі дзеля гэтай справы.
І я бязьмерна ўдзячны ім за гэта.
Я супраць нацызма, Гітлера, але й супраць Сталіна. Ні ў тым, ні ў другім я ня бачу анічога станоўчага. Застаецца толькі свая зямля. Вось пра гэта варта памятаць, вешаючы чарговы ярлык.
А што тычыцца сёньняшняга становішча - мне прыкра глядзець, як нашым ветэранам даюць ажно 100 тысячаў рублёў (меньш за 50 даляраў) і ганарацца гэтым, паказываючы па тэлебачаньню. А нядаўна ў іх аднялі ільготы, так жа ганарліва распавядаючы пра гэта. Мне прыкра глядзець на масавыя гуляньні быдлалехтарата, якому абы дай падставу напіцца півам ды бырлам. Мне сапраўды прыкра глядзець на тое, як наша сацыяльная-так-яе-і-раз-гэтак-дзяржава выкарыстоўвае іх, жыцьцё гатовых аддаць за сваю Радзіму на той жахлівай вайне, і як кідаецца лёзунгамі аб захаваньні міра й стабільнасьці "абы не было вайны".
А вам ня прыкра? Не? Тады мне вас шкада.І я сапраўды вельмі рады, што зьявіўся падобны допіс, даволі супярэчлівы, зь якім я не па ўсім пунктам згодны, але вымушаючы страпянуцца ад сну й азірнуцца навокал. Можаце вешаць на мяне ярлык здрадніка, калі жадаеце.
Яшчэ раз, для мяне 9 траўня - дзень Памяці аб усіх тых, хто змагаўся за сваю Радзіму, за незалежную Беларусь. І ня мае розьніцы, быў ён чырвонаармейцам, чырвоным партызанам ці ў радах БКА.